НІЗАМІ́ ГАНДЖЭВІ́ (Гянджэві) Абу Мухамед Ільяс ібн Юсуф

(каля 1141, г. Гянджа, Азербайджан — каля 1209),

азербайджанскі паэт і мысліцель. Меў рознабаковую адукацыю. Пачынальнік дыдактычнага жанру ва ўсх. паэзіі. Пісаў на перс. мове. Аўтар «Хамсэ» («Пяцерыцы») — твора з 5 паэм (60 тыс. вершаваных радкоў); філас.-дыдактычнай «Скарбніца таямніц» (паміж 1173 і 1180), любоўна-рамантычных «Хасроў і Шырын» (1181), «Лейлі і Меджнун» (1188, аднайм. опера У.Гаджыбекава, паст. 1908), «Сем прыгажунь» (1197, аднайм. балет К.Караева, паст. 1952) і «Іскандэр-намэ» (каля 1203). Паэмы адметныя шматграннасцю асэнсавання жыцця, гуманіст. зместам, дыдактычна-філас. ідэямі, вобразнасцю мовы. У іх тэмы кахання і жанчыны, стваральнай працы, ідэальнага правіцеля. Вядомы шматлікія назірэ (паэт. адказы) і наследаванні яго паэмам на розных мовах. Часткова захаваліся творы лірычнага дывана Н. (касыды, газелі, рубаі, кіт’а). На бел. мову раздзел з паэмы «Скарбніца таямніц» пераклалі А.Бачыла і Р.Няхай.

Тв.:

Рус. пер. — Пять поэм. М., 1968;

Стихотворения и поэмы. Л., 1981.

Літ.:

Бертельс Е.Э. Низами: Творческий путь поэта. М., 1956;

Мустафаев Дж. Философские и этические воззрения Низами. Баку, 1962.

т. 11, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)